A :. A :.

Публiкацыя Класа A

КНІГА ЗАКОНУ

[ — I — ]

1. Гэд! Праява Нюіт.

2. Абвяшчэньне грамады нябёсаў.

3. Кожны мужчына ды кожная жанчына ёсьць зоркай.

4. Кожны лік — бясконцы; тут няма адрозьненьня.

5. Дапамажы мне, о ўладарны ваяр Тэбаў, у маім абвяшчэньні перад Дзецьмі чалавека.

6. Будзь ты Хадзітам, маім таемным цэнтрам, маім сэрцам і маім языком!

7. Зацямляй! Гэта абвяшчаецца праз Айваса, пасланца Гор-пар-крата.

8. Хабс месьціцца ў Ху, але ня Ху ў Хабс.

9. Ушаноўвайма ж Хабс, і зважайма на маё святло, распасьцёртае па-над вамі.

10. Мае слугі няхай будуць нешматлікія і прытоеныя: яны будуць валадарыць многімі і вядомымі.

11. Тыя дурні, каго чалавек ўшаноўвае; і іх Багі, і іх людзі — дурні.

12. Выступіце, о дзеці, пад зоры, і вазьміце сабе поўню любові.

13. Я па-над вамі і ўнутры вас. Мой экстаз — у вашым экстазе. Мая радасьць — убачыць вашую радасьць.

14. Па-над усім каштоўны блакіт —

Аголеная раскоша Нюіт;

Яна выгінаецца, каб у экстазе

Пацалаваць таемную жарсьць Хадзіта.

Акрылены клуб, зоркавая сінеча —

Ёсьць маімі, о Анх-аф-на-хонсу!

15. Зараз вы дазнаецеся, што абраны сьвятар і апостал бясконцай прасторы ёсьць валадаром-сьвятаром — Зьверам; і празь яго жанчыну, названую Барвовай Жанчынай, дадзеная ўся моц. Яны задзіночаць маіх дзяцей у сваё ўлоньне: яны прынясуць зіхоткасьць зораў у сэрцы людзей.

16. Бо ён заўсёды ёсьць сонцам, а яна — месяцам. Але ягонае — акрылены таемны агмень, а ейнае — звышняе зорнае сьвятло.

17. Але вы абраныя ня так.

18. Палай па-над іх абліччамі, о зіхаткі зьмей.

19. О блакітнапавекая жанчына, выгніся верхам іх!

20. Ключ рытуалаў — у таемным слове, якое я дала яму.

21. Разам з Богам і Ўшаноўнікам я — нішто: яны ня бачаць мяне. Яны нібы на зямлі; Я ёсьць Нябёсамі, і няма іншага Бога, акрамя мяне і майго валадара Хадзіта.

22. Таму я вядомая вам праз маё імя Нюіт, а яму — праз таемнае імя, якое я накладу яму, калі нарэшце ён будзе спазнаўшы мяне.

Бо я ёсьць Бясконцай прасторай і Бясконцымі Зорамі ў ёй, рабіце вы таксама гэтак. Не зьвязвайце нічога! Няхай вы ня будзеце рабіць адрозьненьня паміж хоць якой адной рэччу і хоць якой іншай рэччу; бо з гэтага паўстала шкода.

23. Але той, хто дастане ў гэтым посьпех, няхай стане верхам усяго.

24. Я — Нюіт, і маё слова — шэсьць і пяцьдзесят.

25. Падзялі, дадай, памнож і зразумей.

26. Тады сказаў прарок і парабак Прыўкраснай. Хто я, і якім будзе знак? І адказала яна яму, выгнуўшыся ўніз, прамяністы агмень блакіту, усюды-пранікнёная і ўсё-закранальная, яе прыўкрасныя рукі над чорнай зямлёй, і яе гнуткая пастава, выгнутая для любові, і яе мяккія ступні, што ня рушаць ані наймалой кветкі: Ты ўсяведны! І знакам будзе мой экстаз, усьведамленьне працягласьці існаваньня, усюдыіснасьць майго цела.

27. Тады сьвятар адказваў, сказаўшы Паньне Прасторы, цалуючы яе прыўкраснае аблічча, і росы яе святла абмывалі ўсё яго цела ў салодкім паху поту: О Нюіт, працяглая Нябёсаў, няхай адгэтуль будзе так заўсёды; няхай пра Цябе кажуць не Адно, але Нішто; і няхай яны не гавораць пра цябе зусім, бо ты — працяглая.

28. Нішто, дыханьне бляклага і чароўнага святла зораў, і два.

29. Бо я падзеленая дзеля любові, дзеля шанцу ўзьяднаньня.

30. Такое стварэньне сьвету, што боль падзелу — нішто, але радасьць расчыненьня — усё.

31. Гэтымі дурнямі людзьмі і іх клопатамі ня рупцеся ўвогуле! Яны адчуваюць мала; тое, што ёсьць, ураўнаважанае слабымі радасьцямі; але вы ёсьць маімі выбраньнікамі.

32. Падпарадкоўвайцеся майму прароку! Насьледуйце выпрабаваньням маёй веды! Шукайце толькі мяне! Тады радасьці маёй любові загояць увесь ваш боль. Гэта так; я клянуся ў гэтым лёхамі майго цела; сваім сьвятарным сэрцам і языком; усім, што я магу даць, усім, чаго я прагну ад вас усіх.

33. Тады ўвайшоў сьвятар у глыбокі транс, страціўшы прытомнасьць, і сказаў Паньне Нябёсаў: Пішы для нас выпрабаваньні; пішы для нас рытуалы; пішы для нас закон!

34. Але яна сказала: выпрабаваньняў я не пішу: рытуалы будуць напалову вядомымі і напалову схаванымі: Закон — для ўсіх.

35. Тое, што ты пішаш, ёсьць трохчасткавай кнігай Закону.

36. Мой перапісчык Анх-аф-на-хонсу, сьвятар князёў, ня зьменіць у гэтай кнізе ніводнай літары; але каб не паўстала непаразуменьня, ён патлумачыць яе праз мудрасьць Ра-Гор-Хуіта.

37. Таксама мантры і заклёны; «обеа» і «ванга», праца жазла і праца мяча; гэтага ён будзе навучацца і гэтаму навучаць.

38. Ён павінен навучаць; але ён можа рабіць выпрабаваньні больш жорсткімі.

39. Слова Закону — Тэлема.

40. Хто называе нас Тэлемітамі, не памыліцца, калі зазірне ўглыбкі гэтага слова. Бо ў ім Тры Ступені — Пустэльнік, Каханак і Чалавек Зямлі. Рабі што адвольніш — гэта будзе цэлым Законам.

41. Слова граху — Абмежаваньне. О чалавек! Не адмаўляй сваёй жонцы, калі яна жадае! О каханак, калі ты адвольніш, сыходзь! Няма іншых сувязяў, што могуць зьяднаць падзеленае, акрамя любові: усё іншае ёсьць праклёнам. Праклятае! Няхай будзе праклятым у эонах! Пекла.

42. Няхай будзе станам большасьці — прывязанасьць і агіда. Гэтак з усім; ты ня маеш іншага права, акрамя як рабіць тое, што адвольніш.

43. Рабі гэта, і ніхто ня скажа «не».

44. Бо чыстая воля, пазбаўленая намеру, вызваленая ад прагненьня выніку, — дасканалая ў кожным разе.

45. Дасканаласьць і Дасканаласьць — гэта адна Дасканаласць, а ня дзьве; не, гэта ніводная!

46. Нішто ёсьць таемным ключом да гэтага закону. Шэсьцьдзесят адзін называюць яго жыды; я называю яго восем, восемдзесят, чатырыста і васямнаццаць.

47. Але яны маюць палову: аб’яднай праз тваё мастацтва так, каб усё зьнікла.

48. Мой прарок — дурань з ягоным «адзін, адзін, адзін»; ці ж яны ня ёсьць Быком і нічым паводле Кнігі?

49. Скасаваныя ўсе рытуалы, усе выпрабаваньні, усе словы і знакі. Ра-Гор-Хуіт заняў свой пасад на Ўсходзе пры Раўнадзенстве Багоў; і няхай Асар будзе з Ісай, якія таксама — адно. Але яны не ад мяне. Няхай Асар будзе ўшаноўнікам, Іса – пакутнікам; Гор у яго таемным імені і зьзяньні — Валадаром, што пасьвячае.

50. Трэба сказаць і пра задачу Гіерафанта. Зважай! Ёсьць тры выпрабаваньні ў адным, і яны могуць быць выяўленыя трыма шляхамі. Грубыя мусяць прайсьці праз агонь; вытанчаныя няхай выпрабоўваюцца ў розуме, а ўзьнёслыя абраныя – у найвышэйшым. Гэтак вы займееце зорку з зоркай, сыстэму з сыстэмай; няхай ніхто цалкам ня ведае іншага!

51. Ёсьць чатыры брамы да аднаго палацу; падлога таго палацу са срэбра і золата; лязурыт і яшма там; і ўсе рэдкія водары; язмін і ружа, і эмблемы сьмерці. Няхай ён увойдзе ў чатыры брамы па чарзе або адначасова; няхай ён стане на падлозе палацу. Ці ня ўпадзе ён? Амэн. Гэй! Ваяр, ці ўпадзе твой слуга? Але сродкі ёсьць розныя. Таму будзьце прыкметнымі: апранайцеся ў выкшталцоныя адзежы; ешце багатую ежу і піце салодкія віны ды віны зь пенай! Таксама, бярыце сваю поўню і волю ў любові, як вы пажадаеце, калі, дзе і з кім вы пажадаеце! Але заўсёды дзеля мяне.

52. Калі гэта будзе ня так; калі не зразумееце межаў прасторы і будзеце казаць: Яны – адно; ці: Іх – безліч; калі рытуал не ў імя маё: спадзявайцеся на жорсткі суд Ра Гор Хута!

53. Гэта адновіць сьвет, сьвет — малую маю сястру — маё сэрца і мой язык, — якой я дасылаю гэты пацалунак. Таксама, і перапісчык і прарок, хоць ты і з князёўскага роду, гэта ані дасьць табе спакою, ані вызваліць з абавязальніцтваў. Але экстаз хай будзе тваім, і радасьць зямлі: заўсёды для мяне! Для мяне!

54. Не зьмяняй нават накрэсьленьня літараў; бо зважай! Ты, о прарок, ня ўбачыш усіх містэрыяў, схаваных у іх.

55. Дзіцё тваіх нутроў, яно адцеміць іх.

56. Не чакай яго ані з Усходу, ані з Захаду; бо з ніводнага вядомага дому ня будзе прыйшоўшы гэтае дзіцё. Аўм! Усе словы сьвятарныя і ўсе прарокі праўдзівыя; хіба разумеюць яны няшмат; разьвяжы першую частку гэтага раўнаньня, другую пакінь некранутай. Але ты маеш усё ў чыстым сьвятле, і штосьці, хоць і ня ўсё, у цемры.

57. Заклікайце мяне пад зорамі! Любоў ёсьць законам, любоў у згодзе з воляй. Не дазваляйце дурням памыляцца наконт любові; бо ёсьць розная любоў. Ёсьць галуб, і ёсьць вужака. Выбірайце з розумам! Ён, мой прарок, ёсьць выбраўшы, знаючы закон фартэцыі і велічную містэрыю Дому Бога.

Усе гэтыя старыя літары маёй Кнігі слушныя; аднак Цадзе — ня ёсьць Зоркай. Гэта таксама таямніца: мой прарок адкрые яе мудрым.

58. Я даю неўяўляльныя на зямлі радасьці: упэўненасць, а ня веру — і ў жыцьці, і ў сьмерці; непарушны мір, спакой, экстаз; і я нічога не патрабую ў ахвяру.

59. Мае водары — са смалістай драўніны і камедзі; і няма крыві ў іх: бо мае валасы гэта дрэвы Вечнасьці.

60. Мой лік — 11, як і ўсе лікі тых, хто з намі. Пяціканцовая Зорка, з Кругам у Сярэдзіне, і кола — Чырвонае. Мой колер — чорны для невідушчых, але блакітны і залаты для відушчых. Таксама я маю таемнае зьзяньне для тых, хто любіць мяне.

61. Але любіць мяне лепш, чым любіць усе іншыя рэчы: калі пад начнымі зорамі ў пустэльні ты запаліш мае водары перад мной, заклікаючы мяне з чыстым сэрцам і Вужакавым агмянём унутры, ты прыйдзеш крыху паляжаць у маіх грудзях. Дзеля аднаго пацалунку ты пажадаеш аддаць усё; але той, хто аддае адну часьцінку праху, страціць усё ў той жа час. Зьбірайце скарбы і назапашвайце жанчын і спэцыі; насіце каштоўныя ўпрыгожваньні; пераўзыдзіце іншыя народы зямлі ў зьзяньні і гонары; але заўсёды ў любові да мяне, і гэтак прыйдзяцё вы да маёй радасьці. Я загадваю вам паўставаць перад мной у адной вопратцы і пакрытымі дарагім капелюшом. Я люблю вас! Я сумую па вас! Бледая ці пунсовая, недасяжная ці жарсная, я, што ўся ёсьць асалодай і пунсовасьцю, і сп’яненьнем найглыбейшага пачуцьця, прагну вас. Апраніце крылы, і абудзіце скручанае зьзяньне ўнутры вас: прыходзьце да мяне!

62. Пры ўсіх маіх сустрэчах з вамі прамаўляць будзе сьвятарка — і яе вочы будуць гарэць пажадай, як будзе стоячы аголенай і натхнёнай у маёй таемнай бажніцы — Да мяне! Да мяне! Клічачы агмень сэрцаў усіх у сваім любоўным спеве.

63. Сьпявайце ўзрушаную любоўную песьню дзеля мяне! Паліце дзеля мяне водары! Апранайце дзеля мяне каштоўныя камяні! Піце дзеля мяне, бо я люблю вас! Я люблю вас!

64. Я — дачка Досьвітку з блакітнымі павекамі; я — аголенае зьзяньне пажадлівага начнога неба.

65. Да мяне! Да мяне!

66. Праява Нюіт пры канцы.


[ — II — ]

1. Ню! Схаваньне Хадзіта.

2. Прыходзьце! Усе вы, і навучайцеся таямніцы, што яшчэ не адкрытая. Я, Хадзіт, дадатак да Ню, маёй нявесты. Я не працяглы, а Хабс — імя майго Дому.

3. У сфэры я — паўсюдны цэнтар, тады як яе, акружнасьць, ня знойдзеш нідзе.

4. Усё ж яна будзе вядомая, а я — ніколі.

5. Зважайма! Рытуалы старых часоў чорныя. Няхай ліхія будуць адкінутыя; няхай добрыя будуць ачышчаныя прарокам! Тады гэтая Веда займее правы.

6. Я агмень, што палае ў кожным сэрцы чалавека, і ў ядры кожнай зоркі. Я — Жыцьцё, і даўца Жыцьця, хоць таму веданьне мяне ёсьць веданьнем сьмерці.

7. Я Маг і Экзарцыст. Я – вось у коле і куб у кругу. «Прыйдзі да мяне» — дурныя словы: бо гэта я — той, хто ідзе.

8. Той, хто ўшаноўваў Гэру-па-крата, ўшаноўваў мяне; гэта памылка, бо гэта я — той, хто ўшаноўвае.

9. Памятайце ўсе вы, што існаваньне гэта чыстая радасьць; што ўся скруха — толькі цень; яна мінае і яе больш няма; але ёсьць тое, што застаецца.

10. О прарок! табе не стае волі, каб навучацца гэтага напісанага.

11. Я бачу, як ты ненавідзіш руку і асадку; але я мацнейшы.

12. Бо я ў Табе, якога ты ня знаеш сам.

13. Чаму? Бо ты спазнаваў і празь мяне.

14. Зараз няхай будзе покрыва на гэтай сьвятыні: зараз няхай сьвятло зжэра людзей і паесьць іх невідушчасьцю.

15. Бо я дасканалы ў сваім Нябыце; і мой лік — дзевяць для дурняў; але для тых, хто заслугоўвае, я восем, і адзінка ў васьмі: гэта істотна, бо я сапраўды — нішто. Імпэратрыца і Імпэратар — не ад мяне; бо ёсьць далейшая таямніца.

16. Я — Імпэратрыца і Гіерафант. Адсюль адзінаццаць, як і мая нявеста — адзінаццаць.

17. Чуйце мяне, вы, тужлівы народ!

Скруху болю і шкадобы

Пакіньце мёртвым і тым, хто памірае,

Тым, хто ня ведае мяне дагэтуль.

18. Яны — мёртвыя, гэтыя людзі; яны не адчуваюць. Мы — не для бедных і прыгнечаных: валадары зямлі — нашыя супляменьнікі.

19. Ці жыве Бог у сабаку? Не! але найвышэйшыя — з нас. Яны будуць радавацца, абраныя намі: хто сумуе, не ад нас.

20. Краса і сіла, пералівы сьмеху і здавальняльнае натамленьне, моц і агонь — ад нас.

21. Мы ня маем нічога супольнага з адкідамі і нядзейнымі: няхай яны памруць у сваім убостве. Бо яны не адчуваюць. Спагада — гэта загана валадароў: цісьніце няшчасных і слабых: гэта закон моцнага: гэта наш закон і радасьць сьвету. Ня думай, о валадар, пра гэтую ману: Быццам Ты Мусіш Памерці: насамрэч ты не памрэш, але будзеш жыць. Зараз няхай выясьніцца: Калі цела Валадара будзе расчыняцца, ён застанецца ў чыстым экстазе назаўсёды. Нюіт! Хадзіт! Ра-Гор-Хуіт! Сонца, Сіла і Яснасьць, Сьвятло; усё гэта для слуг Зораў і Зьмея.

22. Я Зьмей, што дае Веду і Натхненьне і яркую славу, і рушыць сэрцы людзей сп’янеласьцю. Ушаноўваючы мяне, бяры віно і дзіўныя наркотыкі, пра якія я апавяду свайму прароку, і будзь напіўшыся імі! Яны не зашкодзяць вам зусім. Шкода самому сабе — мана. Дэманстраваньне нявіннасьці — мана. Будзь моцным, о чалавек! Жадай, радуйся ўсім рэчам, што ёсьць пачуцьцём і асалодай: ня бойся, што які Бог адрыне цябе дзеля гэтага.

23. Я адзін: няма Бога там, дзе я.

24. Зважай! Гэта вялікія таямніцы; бо пустэльнікі ёсьць таксама сярод маіх сяброў. Зараз ня думайце знайсьці іх у лесе ці на гары; але ў ложках з пурпуру, у атачэнні ласкі прыўкрасных самак з шырокімі сьцёгнамі, і агонь ды сьвятло ў іх вачох, і хвалі палымяных валасоў кругам іх; там вы знойдзеце іх. Вы ўбачыце іх пры ўладзе, у пераможных войсках, пры ўсякай радасьці; і ўнутры іх будзе радасьць у мільён разоў большая за гэтую. Засьцерагайцеся зьвярнуць хоць якую сілу адзін супраць аднаго, Кароль супраць Караля! Любіце адзін аднаго палымянымі сэрцамі; нізкіх людзей тапчыце ў жорсткай празе вашага гонару, у дзень вашага гневу.

25. Вы супраць людзей, о абраныя мае!

26. Я — таемны Зьмей, скручаны перад кідком: у маім скручваньні — радасьць. Калі я ўздымаю сваю галаву, я і мая Нюіт ёсьць адно. Калі я апускаю галаву ніжэй за сябе, і страляю атрутай — тады натхняецца зямля, і Я з зямлёй ёсьць адно.

27. Ува мне вялізная небясьпека; бо той, хто не разумее гэтых рунаў, зробіць вялізную памылку. Ён упадзе ў яму, што называецца «таму што», і там ён загіне праз сабак Здаровага Сэнсу.

28. Зараз праклянем «таму што» і род яго!

29. Няхай «таму што» будзе праклятае назаўсёды.

30. Калі Воля спыняецца і крычыць «чаму», заклікаючы «таму што», тады Воля спыняецца і ня робіць нічога.

31. Калі Моц пытаецца «чаму», тады гэта слабасьць Моцы.

32. Таксама здаровы сэнс — гэта мана; бо ёсьць фактар бясконцы і невядомы; і ўсе іх словы скажаюць мудрасьць.

33. Годзе «таму што»! Хай будзе праклятае бы сабака!

34. Але вы, о мой народ, уздыміцеся і абудзіцеся!

35. Няхай рытуалы выконваюцца слушна з радасьцю і прыгажосьцю.

36. Ёсьць рытуалы стыхіяў і сьвяткаваньні часу.

37. Сьвяткаваньне першай ночы Прарока і яго Нявесты.

38. Сьвяткаваньне ў гонар трох дзён напісаньня Кнігі Закону.

39. Сьвяткаваньне дзеля Тахуці і дзіцяці Прарока — таямніца, о Прарок!

40. Сьвяткаваньне дзеля Найвышэйшага Рытуалу, і сьвяткаваньне дзеля Раўнадзенства Багоў.

41. Сьвяткаваньне дзеля агня і сьвяткаваньне дзеля вады; сьвяткаваньне дзеля жыцьця і большае сьвяткаваньне дзеля сьмерці.

42. Сьвяткаваньне штодня ў вашых сэрцах у радасьці майго натхненьня.

43. Сьвяткаваньне штоночы дзеля Ню, і асалода скрайняга натхненьня.

44. Так! Сьвяткуйце! Радуйцеся! Няма ніякага жаху ў тагасьвеце. Ёсьць расчыненьне і вечны экстаз у пацалунках Ню.

45. Ёсьць сьмерць для сабак.

46. Ты не адольваеш? Ты шкадуеш? У тваім сэрцы страх?

47. Там, дзе я, такога няма.

48. Не шкадуй упалых! Я ніколі ня знаў іх. Я не для іх. Я не суцяшаю: я ненавіджу тых, хто суцяшаецца, і тых, хто суцяшае.

49. Я адзіны і я заваёўнік. Я не ад парабкаў, што гінуць. Праклён на іх і сьмерць! Амэн. (Ён з чатырох літараў: ёсьць і пятая, што нябачная, і ў ёй я нібы немаўля ў яйку).

50. Я — сінеча, і золата ў сьвятле маёй нявесты: але чырвоны бляскат у маіх вачох, што палымнее фіялетавым і зялёным.

51. Фіялетавы па-за фіялетавым: гэтае сьвятло вышэйшае за тое, што здольнае ўбачыць вока.

52. Вось покрыва: гэтае покрыва чорнае. Гэта покрыва сьціплай жанчыны; гэта покрыва скрухі, і покрыва сьмерці: усё гэта не ад мяне. Зрывайма гэтага хлусьлівага прывіда стагодзьдзяў: ня ўтойвайце сваіх заганаў цнатлівымі словамі: гэтыя заганы ёсьць маім слугаваньнем; выконвайце яго добра, і я ўзнагароджу вас па гэты і той бок.

53. Ня бойся, о прарок, калі гэтыя словы сказаныя, ты ня будзеш шкадаваць. Ты рашуча выбраны мной; і блаславёныя вочы, у якія ты зірнеш з задавальненьнем. Але я схаваю цябе ў кукулі скрухі: яны, што бачаць цябе, збаяцца цябе ўпалага: але я ўздыму цябе.

54. Ані будуць яны агалошваць сваіх дурнотаў, нібы ты ні да чаго ня здатны; ты выкрыеш гэта: ты здатны: яны — парабкі свайго «таму што»: Яны не ад мяне. Знакі прыпынку — як заўгодна; літары? не зьмяняй ані накрэсьленьня, ані значэньня.

55. Ты спасьцігнеш парадак і значэньне ангельскага альфабэту; ты знойдзеш новыя сымбалі, каб дадаць іх туды.

56. Прэч! Вы, кпліўцы; нават хоць вы сьмеяцёся ў мой гонар, вы будзеце сьмяяцца нядоўга: тады, калі вы сумныя, ведайце, што я пакінуў вас.

57. Справядлівы застанецца справядлівым; непрыстойны застанецца непрыстойным.

58. Так! Не спадзявайцеся на зьмены: вы будзеце, як вы ёсьць, і не іначай. Таму ўладары зямлі будуць Уладарамі заўсёды: парабкі будуць слугаваць. Няма нічога, што будзе зрынутае або ўзвышанае: усё назаўсёды так, як было. Але ёсьць мае прытоеныя слугі: вунь той жабрак можа быць Уладаром. Валадар можа выбраць сабе вопратку па сваёй волі: нельга ўзяць направер: але жабрак ня можа схаваць сваёй беднасьці.

59. Асьцерагаймася таму! Любіце ўсіх, раптам дзе там схаваны Валадар! Ты кажаш так? Дурань! Калі ён Валадар, ты ня можаш пашкодзіць яму.

60. Таму бі моцна і дзёрзка, і пекла з імі, настаўнік!

61. Сьвятло перад тваімі вачыма, о прарок, сьвятло няпрошанае, але найжаданейшае.

62. Я ўзвысіўся ў тваім сэрцы; і пацалункі зораў ліюцца на тваё цела.

63. Ты натаміўся ў пачуцьцёвай поўні ўдыханьня; выдыханьне саладзейшае за сьмерць, больш імклівае і весялейшае за ласку ўласнага чарвяка Пекла.

64. О! Ты — пераадолены: мы ў табе; нашае захапленьне вышэй за цябе: вітаю! вітаю: прарок Ню! Прарок Гэда! Прарок Ра-Гор-Ху! Зараз радуйся! Зараз прыходзь у нашую веліч і натхненьне! Прыходзь у наш жарсны мір, і пішы салодкія словы для Валадароў!

65. Я — Настаўнік: ты — Сьвята Абраны.

66. Пішы, і знайдзі экстаз у пісаньні! Працуй, і будзь нашай падставай у пісаньні! Скаланіся з радасьці жыцьця і сьмерці! Ах! Твая сьмерць будзе цудоўнай: хто ўбачыць яе, усьцешыцца. Твая сьмерць будзе пячаткай абяцаньня нашай вечнай любові. Прыходзь! Узвысь сваё сэрца і радуйся! Мы — адно; мы — нішто.

67. Стой! Стой! Замацуйся ў сваім захапленьні; ня страчвай прытомнасьці праз цудоўныя пацалункі!

68. Мацней! Трымай сябе! Уздымі сваю галаву! Ня дыхай так глыбока — памры!

69. Ах! Ах! Што я адчуваю! Ці слова змарылася?

70. Ёсьць дапамога і надзея ў іншых заклёнах. Мудрасьць кажа: будзь моцным! Тады зможаш ты трываць болей радасьці. Ня будзь жывёлай; вытанчай сваё захапленьне! Калі ты п’еш, пі паводле васьмі і дзевяноста правілаў мастацтва: калі ты кахаеш, пераважай далікатнасьцю; і калі ты робіш радаснае, хай у ёй будзе вытанчанасьць.

71. Але пераўзыходзь! Пераўзыходзь!

72. Імкніся заўсёды да большага! І калі ты сапраўды мой — а ў гэтым не сумнявайся, і калі ты заўсёды радасны, — сьмерць ёсьць вянком па-над усім.

73. Ах! Ах! Сьмерць! Сьмерць! Ты будзеш сумаваць па сьмерці. Сьмерць забароненая, о чалавек, для цябе.

74. Працягласьць твайго суму будзе працягласьцю яе славы. Той, хто жыве доўга ды моцна прагне сьмерці, — заўсёды Валадар сярод Валадароў.

75. Так! слухай лікі і словы:

76. 4 6 3 8 A B K 2 4 A L G M O R 3 Y X 24 89 R P S T O V A L. Што азначае гэта, о прарок! Ты ня знаеш; ані ты ніколі не дазнаешся. Вунь ідзе той, хто насьледуе табе: ён патлумачыць гэта. Але памятай, о абраны, заставацца маім; насьледаваць любові Ню ў асьветленых зорамі нябёсах; выглядаць людзей, прамаўляць ім гэтае радаснае слова.

77. О будзь гордым і магутным сярод людзей!

78. Узвышай сябе! Бо няма ніводнага, падобнага да цябе, сярод людзей ці сярод Багоў! Узвышай сябе, о мой прарок, твая пастава пераўзыдзе зоры. Яны будуць ушаноўваць тваё імя, чацвярыстае, таямнічае, цудоўнае, лік чалавека; і імя твайго дому 418.

79. Канец схаваньня Хадзіта; і блаславеньне ды ўшанаваньне — прароку прыўкраснай Зоркі!


[ — III — ]

1. Абрагадабра! Узнагарода Ра Гор Хута.

2. Вось падзел, што скіроўвае дадому; тут слова невядомае. Правапісаньне больш неістотнае; усё памылкова. Засьцерагайся! Стой! Агаласі заклён Ра-Гор-Хуіта!

3. Зараз найперш павінна быць зразумела, што я — бог Вайны і Адплаты. Я буду жорсткім зь імі.

4. Выберыце востраў!

5. Умацуйце яго!

6. Угнойце яго машынамі вайны!

7. Я дам вам ваенныя машыны!

8. З гэтым вы спляжыце народы; і ніхто ня будзе стаяць перад вамі.

9. Прыхавайцеся! Адступіце! Наўпрост! Гэта Закон Бітвы Зваяваньня: такім будзе ўшанаваньне мяне пры маім таемным доме.

10. Вазьмі самую стэлу абвяшчэньня; усталюй яе ў сваёй таемнай бажніцы — і гэтая бажніца ўжо слушна разьмешчаная — і яна будзе тваёй Кіблай назаўсёды. Яна ня зьмеркне, але дзіўны колер будзе вяртацца да яе дзень пры дні. Замкні яе пад шкло як доказ сьвету.

11. Гэта мусіць быць тваім адзіным доказам. Я забараняю спрэчку. Зваёўвай. Гэтага дастаткова. Я палегчу табе забраньне яе з хваравіта спарадкаванага дому ў Пераможным Горадзе. Ты сам з ушанаваньнем перадасі яе, о прарок, хоць табе гэта недаспадобы. Цябе чакаюць небясьпекі і турботы. Ра-Гор-Ху з табой. Ушаноўвай мяне агнём і крывёй; ушаноўвай мяне мячамі і дзідамі. Няхай жанчына стане з мячом на паясе перад мной: няхай кроў сплывае дзеля майго імя. Тапчы Паганцаў; нападай на іх, о ваяр, я дам табе есьці іхнай плоці.

12. Ахвяруй рагатае быдла, малое і вялікае: пасьля дзіцяці.

13. Але ня зараз.

14. Вы пабачыце той час, о блаславёны Зьвер, і ты, Барвовая Палоньніца пажады!

15. Вы будзеце сумнымі праз гэта.

16. Не чакайце надта ахвотна спаўненьня абяцаньняў; ня бойцеся патрапіць пад праклёны. Вы, нават вы, ня ведаеце значэньня гэтага ўсяго.

17. Ня бойцеся ўвогуле; ані людзей, ані Лёсу, ані багоў, анічога. Грошай ня бойцеся, ані рогату чалавечых дурнотаў, ані хоць якой сілы на небе ці на зямлі ці пад зямлёй. Ню — вашае суцяшэньне, а Хадзіт — вашае сьвятло; і я — моц і магутнасьць вашай зброі.

18. Міласэрнасьць хай будзе кінутая: праклён на таго, хто спагадае! Забівайце і катуйце; бязь літасьці; нападайце!

19. Тую стэлу яны будуць зваць Агідай Спусташэньня; падлічы дакладна яе імя, і яно будзе для цябе 718.

20. Чаму? Дзеля заняпаду «таму што», да якога няма вяртаньня.

21. Зьмясьці мой вобраз на Ўсходзе: ты купіш сабе вобраз, які я пакажу табе, адмысловы, ня вельмі адрозны ад таго, што табе вядомы. І табе будзе нечакана лёгка зрабіць гэта.

22. Іншыя вобразы зьбяры вакол мяне, каб падтрымаць мяне: няхай яны ўсе ўшаноўваюцца, бо яны згуртуюцца, каб узвысіць мяне. Я — бачны аб’ект ушанаваньня; іншыя — таемныя; яны для Зьвера і яго Нявесты: і для пераможцаў Выпрабаваньня «х». Што гэта? Ты дазнаешся.

23. Для водару зьмяшай муку і мёд і асадак чырвонага віна: тады Абрамэлінавага алею і алею аліўкавага, пасьля зьмякчы і згладзь водар багатай сьвежай крывёй.

24. Найлепшая кроў — з-пад месяца, месячная: тады сьвежая кроў дзіцяці, або тая, што пралілася ад гаспадара нябёсаў: тады кроў ворагаў; тады кроў сьвятара ці ўшаноўнікаў: у апошнюю чаргу — кроў якой жывёлы, неістотна якой.

25. Частку спальвайце: з другой рабіце аладкі і ешце дзеля мяне. Ёсьць таксама іншае ўжываньне; пакладзіце перад мной і пакрывайце смугой водараў вашай малітвы: тое стане поўным жукоў і поўзаючых істотаў, сьвятарных для мяне.

26. Іх забівайце, называючы імёнамі сваіх ворагаў; і яны ўпадуць перад вамі.

27. І яны выклічуць у вас пажаду і моц пажады, калі пакаштуеце зь іх.

28. Таксама вы будзеце моцнымі ў вайне.

29. Больш за тое, трымайце іх доўга, так лепш; бо яны напоўняцца з маёй сілай. Усё перад мной.

30. Мой ахвярнік з бронзы тонкай аздобы: спальвайце там на срэбры ці золаце!

31. Ідзе заможны чалавек з Захаду, які асыпле цябе сваім золатам.

32. З золата зрабі сталь!

33. Будзь гатовы імкнуцца ці біць!

34. Але вашае сьвятарнае месца застанецца некранутым праз стагодзьдзі: хоць з агнём і мячом яно будзе спаленае і зруйнаванае, але нябачны дом стаіць там, і будзе стаяць да заняпаду Вялікага Раўнадзенства; калі Хрумачыс паўстане і валадар падвойнага жазла зойме мае пасад і месца. Іншы прарок паўстане, і прынясе запал абнаўленьня зь нябёсаў; іншая жанчына абудзіць пажаду і ўшанаваньне Зьмея; іншая душа Бога і зьвера зьмяшаецца ў сусьветным сьвятары; іншае ахвярапрынясеньне накласьць знак на магільным каменьні; іншы валадар будзе кіраваць; і дабраславеньне ня будзе больш ліцца на сокалагаловага таемнага Валадара!

35. Палова слова Херу-ра-ха, які завецца Гор-па-крат і Ра-Гор-Хут.

36. Тады сказаў прарок Богу:

37. Я ўшаноўваю цябе ў песьні:

Я — Уладар Тэбаў, і Я

Натхнёны правесьнік Мэнту;

Для мяне адкрываецца пакрытае неба,

Анх-аф-на-хонсу, які забіў сябе

І чые словы ёсьць праўдай. Я заклікаю, я вітаю

Тваю прысутнасьць, о Ра-Гор-Хуіт!

Скрайняе адзінства паказанае!

І ўшаноўваю магутнасьць Твайго подыху,

Найвышэйшы і жахлівы Бог,

Які змушае багоў і сьмерць трымцець перад Сабой: —

Я, я ўшаноўваю Цябе!

Зьявіся на стальцы Ра!

Адкрый шляхі Ху!

Асьвяці шляхі Ка!

Шляхі Хабс распасьціраюцца,

Каб усхваляваць ці супакоіць мяне!

Аўм! Няхай гэта напоўніць мяне!

38. Так тваё сьвятло – ува мне; і яго чырвоны агмень — нібы меч у маёй руцэ, каб усталяваць твой парадак. Ёсьць таемныя дзьверы, якія я зраблю, каб заснаваць твой шлях ўва ўсе бакі сьвету (гэта ўслаўленьні, як ты запісаў), як сказана:

Сьвятло — маё; яго прамяні мяне жэруць:

Я зрабіў таемныя дзьверы

У Дом Ра і Тума,

І Хепры і Ахатгор.

Я твой Тэбіец, о Мэнту, прарок Анх-аф-на-хонсу.

Бы Бэс-на-Маўт, я ўдараю сябе ў грудзі;

Бы мудрая Та-Нэх, я сплятаю заклён.

Зьяві твой зорны бляск, о Нюіт!

Запрасі мяне жыць да твайго дому,

О акрылены зьмей сьвятла, Хадзіт!

Будзь са мной, Ра-Гор-Хуіт!

39. Усё гэта — і кніга, што распавядае, як ты апынуўся тут, і выява гэтых чарнілаў на паперы — бо ў ёй палягае таемнае слова, і ня толькі ангельскае, і твае тлумачэньне да гэтай Кнігі Закону — будуць надрукаваныя прыгожа ў чырвоных і чорных чарнілах на прыгожай паперы, зробленай саматужна; і для кожнага мужчыны і жанчыны, якога ты сустрэнеш, няхай нават за абедам ці піцьцём, — дадзены гэты Закон. Гэтак яны займеюць шанец быць у гэтай асалодзе ці ня быць; тут няма розьніцы. Рабі гэта хутка!

40. А праца над тлумачэньнем? Гэта лёгка; і Хадзіт, што палае ў сэрцы тваім, зробіць тваю асадку хуткай і ўпэўненай.

41. Уладкуй сабе кантору ў сваёй Каабе: усё мусіць быць зроблена добра і спраўным чынам.

42. Выпрабаваньні ты мусіш назіраць сам, за выняткам хіба прыхаваных заслонай. Не адмаўляй нікому, але пазнавай і зьнішчай здраднікаў. Я — Ра-Гор-Хуіт; і я маю сілу абараніць свайго слугу. Посьпех ёсьць тваім доказам: не спрачайся; не пераконвай; не кажы зашмат! На тых, хто стараецца заблытаць ці зганіць цябе, нападай без шкадаваньня ці спагаданьня; і зьнішчы іх цалкам. Жвава, бы зрушаная вужака, паварочвайся і бі! Будзь яшчэ больш бязьлітасьцівым за яе! Аддай іх душы на жудасную пакуту: сьмейся зь іх страху: плюй на іх!

43. Хай засьцеражэцца Барвовая Жанчына! Калі шкадоба і спагада і чульлівасьць наведаюць яе сэрца; калі яна пакіне маю працу дзеля гульні са старой прыемнасьцю; тады хай абвесьціцца мая адплата. Я заб’ю для сябе яе дзіця: я зраблю чужым яе сэрца: я зраблю яе адрынутай спаміж людзей: бы сагнутая і вартая жалю прасталытка папаўзе яна цьмянымі вільготнымі вуліцамі, і памрэ ў холадзе і голадзе.

44. Але няхай яна ўздымецца ў гонары! Няхай яна насьледуе мне ў маім шляху! Няхай яна працуе ў працы распусты! Няхай яна заб’е сваё сэрца! Няхай яна будзе шумнай і зрадлівай! Няхай яна пакрыецца каштоўнасьцямі і багатай адзежай, і няхай яна ня мае сораму перад усімі людзьмі.

45. Тады я ўзвышу яе да вежаў улады; тады я выхаваю ад яе дзіця магутнейшае за ўсіх уладароў зямлі. Я напоўню яе радасьцю: з маёй сілай яна будзе бачыць і змагацца ўшаноўваючы Ню: яна дасягне Хадзіта.

46. Я – валадарны ваяр Саракавых: Васьмідзясятыя сьціскаюцца перад мной і прыніжаюцца. Я прывяду вас да перамогі і радасьці! Я буду ў вашай зброі ў бітве, і ад забойстваў вы будзеце ў захапленьні. Посьпех — ваш доказ; мужнасьць — ваш рыштунак; наперад, наперад, у маёй сіле; і нішто ня змусіць вас павярнуць!

47. Гэтая кніга будзе перакладзеная на ўсе мовы: але заўсёды поруч з арыгіналам у запісе Зьвера; бо ў выпадковасьці формы літараў і іх пазыцыі адна да адной: у гэтым — таямніцы, якіх не прадкажа ніводны Зьвер. Няхай ён нават не спрабуе: але нехта ідзе за ім, я не кажу адкуль, хто адкрые Ключ да ўсяго гэтага. Тады і гэтая нарысаваная лінія — ключ: тады гэты круг, немагчымы ў квадратнасьці, — таксама ключ. І Абрагадабра. Гэта будзе яго дзіцё, як ні дзіўна. Няхай ён не шукае далей; бо гэтага дастаткова для яго заняпаду.

48. Цяпер гэтая таямніца літараў завершаная, і я хачу ісьці да больш сьвятога месца.

49. Я — у таемным чацьвярыстым слове, ганеньне супраць усіх багоў чалавека.

50. Пракляніце іх! Пракляніце іх! Пракляніце іх!

51. З маёй сакалінай галавой я дзяўбу вочы Езуса, што вісіць на крыжы.

52. Я пляскаю сваімі крыламі ў твар Магамада і асьляпляю яго.

53. Сваімі капцюрамі я ірву плоць індуса і будыста, мангола і дзіна.

54. Баласьці! Ампэда! Я плюю на вашыя пахмельныя вучэньні.

55. Няхай будзе цнатлівая Марыя разарваная на колах: у яе гонар няхай будуць пагарджаныя ўсе цнатлівыя жанчыны сярод вас!

56. А таксама ў гонар прыгажосьці і любові!

57. Пагарджайце таксама ўсімі баязьліўцамі; прафэсійнымі жаўнерамі, здольнымі не змагацца, але гуляцца; ўсімі дурнямі пагарджайце.

58. Але мэтанакіраваныя і гордыя, годныя і ўладарныя; вы — браты!

59. Бы браты, змагайцеся вы!

60. Няма закону па-за «Рабі што адвольнiш».

61. Гэта канец слова Бога, што сядзіць на пасадзе Ра, асьвятляючы кроквы душы.

62. Мяне ўшаноўвайце! Да мяне прыходзьце вы празь цяжкасьці выпрабаваньня, якое ёсьць асалодай.

63. Дурань прачытае гэтую Кнігу Закону і тлумачэньне да яе; і ён не зразумее нічога.

64. Няхай ён пройдзе празь першае выпрабаваньне, і гэта будзе для яго бы срэбра.

65. Праз другое — бы золата.

66. Праз трэцяе — бы камяні каштоўнай вады.

67. Праз чацьвертае — бы канчатковыя іскры патаемнага агня.

68. Усё ж для ўсіх гэта падасца прыгожым. Ворагі, што кажуць ня так, проста хлусы.

69. Ёсьць посьпех.

70. Я — сокалагаловы Валадар Цішыні і Сілы; мой нэмэс пакрывае начное сіняе неба.

71. Вітаю! Вы ваяры-блізьняты пры слупах сьвету! Бо ваш час амаль прыйшоў.

72. Я — Валадар Падвойнага Жазла Ўлады; жазла Сілы Коф Нія — але мая левая далонь пустая, бо я спляжыў Сусьвет, і нічога не застаецца.

73. Злучы аркушы справа налева і зьверху ўніз: тады зважай!

74. Ёсьць веліч у маім імені, схаваная і слаўная, як і сонца паўночы – усё адно сын.

75. Завяршэньне словаў — Слова Абрагадабра.

Кніга Закону Напісаная і Схаваная.

Аўм. Га.


КАМЭНТАР

Рабі што адвольніш – вось цэлы Закон.

Вывучэнне гэтае Кнігі забараняецца. Абачліва будзе знішчыць гэты асобнік па першым жа прачытанні.

Хто грэбуе гэтым, той робіць так на ўласную рызыку. Яна найстрашнейшая.

Тых, хто абмяркоўвае змест гэтай Кнігі, будуць унікаць бы асяродкаў паморку.

Усе пытанні што да Закону мусяць развязвацца толькі праз зварот да маіх твораў, і кожным асабіста.

Няма іншага закону апрача «Рабі што адвольніш».

Любоў ёсць законам, любоў пры волі. Прынц прынцаў,


© Пераклад — A.M., Fr. Aumgn, 2004.